Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Даніла”. Аранжыроўка “WZ Orkiestra”. З. Вайцюшкевіч і “WZ Orkiestra”. Альбом “Баляды”, выдавец не пазначаны, 2002



Такое, прызнацца, здараецца нячаста. Аднак бывае, што твор, на які выканаўцы, як кажуць, ня ставілі нават зацёртага талера, раптам набываў маштаб ня тое што шлягеру — агульна любімага твору. Пры гэтым, часьцей за ўсё, твор гэты нараджаўся быццам зноў, вяртаючы сабе былую папулярнасьць.

У 1997 годзе, калі ствараўся цяпер ужо клясычны альбом беларускай папулярнай музыкі, вядомы як “Народны”, ніхто зь ягоных стваральнікаў, мне так здаецца, нават і не разьлічваў на тое, што песьня “Надзенька” набудзе ў пэўных колах гэткую, прабачце, проста шалёную папулярнасьць. Песьня ў пэўным сэнсе зрабілася нечым накшталт культавай, апазнавальным знакам людзей далучаных.

Сёньня рызыкну выказаць здагадку, што падобны да “Надзенькі” лёс можа чакаць і адну зь песень, запісаных Зьмітром Вайцюшкевічам для альбому “Баляды”. Гаворка ідзе пра баляду “Даніла”, адзін зь нешматлікіх твораў альбому, у якім Зьміцер не крануў ні народнага тэксту, ні мэлёдыі.

Тая ж самая прастата ўвасабленьня, як і ў дачыненьні да “Надзенькі”, мне так здаецца, і абумоўлівае той факт, што гэтая народная песьня зноў вяртаецца ў народ, зноў будзе гучаць дастаткова шырока. Не, у тэлепраграме “Скрыжаваньні Эўропы” яна напэўна не прагучыць, затое, як мне думаецца, здолее лёгка перакрочыць многія дзяржаўныя межы, праход празь якія некаторым іншым даўно вядомым і нават, трэба прызнаць, абрыдлым песьням цяперака проста забаронены.

Сапраўдныя песьні сапраўды межаў ня ведаюць і, больш за тое, — не прызнаюць. Шэнген для беларускага Данілы. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG