Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Лявоніха”. Інструмэнтальная група ансамблю “Харошкі”. Аранжыроўка Ю.Пшанічнага. Дэма-запіс, 2002



На працягу ўсяго гэтага году мы неаднаразова прэзэнтавалі творы народнай музыкі як у традыцыйным, так і сучасным прачытаньні. Пры гэтым зусім не імкнуліся навязваць слухачам уласныя густы. Проста лічылі, што фальклёр ня ёсьць рэч застыглая, ён увесь час разьвіваецца, і часам найбольш традыцыйныя ягоныя творы сёньня гучаць ужо крыху па-іншаму.

Мэлёдыя сёньняшняга дня — гэта твор даўно вядомы кожнаму беларусу і ня толькі яму, але і далёка за межамі нашае краіны. “Лявоніха” — мэлёдыя, танец, песьня, як сабе хочаце, але калі казаць больш дакладна — тры ў адным. Гэта значыць, адзін з найбольш вядомых і папулярных твораў беларускае народнае спадчыны.

Запіс гэтай мэлёдыі — самы сучасны, зроблены сёлета інструмэнтальнай групай ансамблю “Харошкі” з далучэньнем запрошаных салістаў. Шчыра кажучы, нейкія такія звышсучасныя штучкі ў галіне аранжыроўкі, экспэрымэнты, напрыклад, у рытміцы, прынцыпова новая форма ўвасабленьня тут адсутнічаюць.

Можна нават сказаць, што гэтая вэрсія “Харошак” у аранжыроўцы Юрыя Пшанічнага — усяго толькі чарговы запіс даўно вядомага твору. І, ведаеце, з гэтым можна нават пагадзіцца. Каб не адзін момант: музыканты ў складзе ансамблю “Харошкі” — гэта завадоўцы, людзі надзвычай дасьведчаныя, і іхная вэрсія “Лявоніхі” запамінальная найперш дзякуючы годнаму, прафэсійнаму ўвасабленьню.

Нічога новага, тым больш моднага ды сучаснага тут няма. Ёсьць годны прызнаньня плён працы музыкантаў, якія добра разумеюць, што яны робяць. А такое разуменьне часам робіць цуды нават тады, калі кляса выканаўцаў ня надта высокая.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG