Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Useless” (“Марны”). Музыка і словы М.Гора (“Depeche Mode”), пераклад Л.Вольскага, аранжыроўка і выкананьне — група “ZET”. Альбом “Personal Depeche”, “MSH Records”, 2002



Канец году ў сьвеце музычнага шоў-бізнэсу — гэта, не раўнуючы, канец сьвету. Многія калектывы ды выканаўцы прымяркоўваюць выданьне новых альбомаў якраз пад Каляды, калі публіка змушаная клапаціцца пра набыцьцё сьвяточных прэзэнтаў. А які музычны прэзэнт найлепшы? Ну зразумела ж: чарговая “Мэлёдыя дня”!

Пад Каляды звычайна актывізуецца і беларускі музычны рынак. Аж да таго, што бліжэй да Новага году наўрад ці будзе які вольны дзень, каб у Менску не адбывалася нешта такое, што зьвязана з навінкамі беларускай папулярнай музыкі. Так што прэзэнтацыю журналістам доўгачаканага праекту “Personal Depeche” можна назваць усяго толькі прэлюдыяй да апошняга, найбольш напружанага месяца ўсяго музычнага году.

Тыя, хто слухаў у мінулую суботу чарговую праграму “Па-за тактам”, ведаюць цяпер многія падрабязнасьці, зьвязаныя са стварэньнем гэтага праекту, унікальнага для Беларусі. Тыя, хто ня чуў, могуць прачытаць інтэрвію з прадусэрамі праекту на сайце нашага радыё. Сёньня ж мы паслухаем адзін з твораў, запісаных для гэтага альбому.

Як жа, прызнацца, гэта прыемна гучыць: песьня “Useless”, “Марны”, музыка і словы Марціна Гора, Вялікабрытанія, пераклад Лявона Вольскага, Беларусь, аранжыроўка ды выкананьне — група “ZET”, адзіная і непаўторная невыязная ў Вялікабрытанію Рэспубліка Беларусь.

Рэдкі выпадак: слухаем “ZET”, чуем “Depeche Mode”. І наадварот. А гэта значыць, што ў цэлым праект атрымаўся. Прынамсі, да песень з гэтага альбому мы яшчэ зьвернемся.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG