Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “The Cost Of Freedom”. Музыка і словы М.Глена, аранжыроўка А.Доўнара. Вакальная група “Камэрата”. Альбом “Just”, выдавец не пазначаны, 2001



Неяк цалкам выпадкова я адзначыў, што часам толькі адна літара можа значна паўплываць на сэнс сказанага. Нават ня слова, якое здольнае зьмяніць хаду гісторыі, а толькі літара. Мэлёдыя гэтага дня наглядна сьведчыць пра тое. Раю прыслухацца.

Летась адзін з найбольш экспартных калектываў беларускай папулярнай музыкі, вакальная група “Камэрата” выдала альбом з джазавымі збольшага стандартамі пад ляканічнай назваю “Just”. Гэты альбом ня толькі пацьвердзіў высокі выканальніцкі ўзровень калектыву, але й вытокі ягонай творчасьці, бо пачынала “Камэрата” якраз з выкананьня клясычнае джазавае літаратуры, адначасова прыўносячы ў яе індывідуальнасьць, непаўторныя прыёмы выкананьня.

Ёсьць на тым альбоме і песьня аўтарства М.Глена (на вялікі жаль, гэтае імя мне асабіста нічога не гаворыць) пад назваю “The Cost Of Freedom”, “Кошт свабоды”. Дык вось, калі я рыхтаваў гэтую песьню да эфіру, неяк аўтаматычна напісаў яе назву, дадаўшы ў першае слова ўсяго адну літару, але наколькі зьмяніўся сэнс назвы песьні. Бо ў мяне замест “Кошту свабоды” атрымалася “Ўзьбярэжжа свабоды”. Таксама, дарэчы, няблага, хоць і даволі вузка, нават калі казаць пра ўзьбярэжжа Каліфорніі.

Ведаў, праўда, ангельскае мовы мне не хапіла, каб зрабіць больш-менш дасканалы нават падрадкоўны пераклад тэксту. Што ж зробіш: магчымасьць паразумецца з тымі, хто гаворыць на іншых мовах — гэта таксама пэўным чынам кошт свабоды, якой збольшага гэтак не стае практычна кожнаму з нас. Адзіная свабода ў тым, што кожны з нас мае магчымасьць заплаціць за гэта столькі, колькі лічыць патрэбным. Пачуемся заўтра, на “Свабодзе”, любым коштам!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG