Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Прагулка верхам”. Музыка і аранжыроўка А.Отчанашанкі. Група “Борjоми”. Дэма-альбом “Свет и тени”, 2002



Як кажуць, традыцыі абавязваюць. Вось чаму кожны панядзелак з “Мэлёдыяй дня” апошнім часам я асабіста чакаю зь нейкім хваляваньнем. Бо так склалася, што менавіта ў панядзелак нам выпадае знаёміць вас з дэбютантамі. Ня выключэньне і сёньняшні дзень.

Вядома, можна лёгка зразумець, што на кожны панядзелак кожнага тыдня для даволі неразьвітага беларускага музычнага шоў-бізнэсу дэбютантаў яўна не набрацца. Тым ня менш, даводзіцца рупіцца пра тое, каб штопанядзелак у эфіры прысутнічаў ня новы калектыў ці выканаўца, а хоць бы малавядомая песьня ці інструмэнтальная п’еса. Сёньня выключэньня ня будзе. А дэбютантаў нашае праграмы называюць экзатычна — “Баржомі”.

Гэты квартэт я ўпершыню пачуў сёлета на адной зь вечарынаў у менскім “Стар-клюбе”. Назва тлумачыцца праста: у складзе калектыву — музыкі з трох гарадоў: Барысава, Жодзіна і Менску. Адтуль — назва “Баржомі”. Лідэр групы — гітарыст Аляксандар Отчанашанка, вучань нашых мэтраў Уладзімера Ткачэнкі і Ўладзімера Ўгольніка. Група, у складзе якой пад Менску выступае яшчэ адзін мэтар — басіст Аляксандар Каліноўскі, выконвае аўтарскую музыку лідэра, якая заснаваная на пастаянных дыялёгах гітары ды скрыпкі й афарбаваная выразнымі джазавымі матывамі.

Музыка гэтая, адзначу, прыгожая і нават інтэлігентная, няхай нават апошняе азначэньне і выклікае ў сяго-таго сёньня ледзь ня лаянку. П’еса “Прагулка верхам”, заснаваная на ўласьцівым музыцы рэгей рытміцы, паходзіць з дэма-альбому “Сьвятло і цені”, запісанага ў кастрычніку гэтага году. Музыка і аранжыроўка Аляксандара Отчанашанкі, праграмаваньне ўдарных і басу — Андрэя Мядзьведзкага.

Мне так думаецца, што за будучыню гэтых музыкантаў хвалявацца ня трэба. Прынамсі, мы зь імі яшчэ пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG