Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Стаіць вярба”. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Алеся” (па назьве першай песьні), “Мелодия”, 1976



Быць рэвалюцыянэрам складана. Не выключэньне тут і музыка, мастацтва наогул, у якіх рэвалюцыйныя пераўтварэньні па першым часе выклікаюць звычайна рэзкае непрыняцьце з боку нават найбольш блізкіх сяброў творцы. Гэта, як часта здараецца, ломіць нават самых загартаваных. Толькі не “Мэлёдыю дня”, якая гатовая да найбольш сьмелых прапановаў і ахвотна нагадвае рэвалюцыянэраў музычнага мінулага.

Нагадаю, што гэты тыдзень нашая праграма распачала са знаёмства з дэбютантамі — маладой групай “Аварыйнае выйсьце”, прадоўжыла сьмелай аранжыроўкай мэлёдыі народнага танца “Мікіта” ў выкананьні інструмэнтальнай групы ансамблю “Харошкі” і такой сьмелай блюзавай аранжыроўкай старой песьні “Люблю” Вячаслава Качанскага на словы Канстанцыі Буйлы. Група “Сталіца” гжэчна выканала п’есу “Шляхта” Ігара Волкава, Віка Моўчан і Вераніка Сакалоўская зьвярталіся да ластаўкі ў народнай песьні з аранжыроўкай Вячаслава Шарапава, Віктар Малчанаў з дапамогай Ігара Варашкевіча і Аляксандры Кірсанавай прадставіў новую песьню “Я інакш не магу” на словы Настасьсі Гулак.

А ў якасьці рэвалюцыянэраў у нас сёньня выступяць — не зьдзіўляйцеся — музыканты ансамблю “Песьняры”. Бо чым далей, тым больш зразумела, якую ж значную ролю адыграў гэты калектыў у гісторыі савецкай ды беларускай папулярнай музыкі. Дзякуючы яму слухачы ўпершыню ў многіх выпадках маглі пачуць са сцэны тую музыку, якая была актуальная на той час у сьвеце.

Возьмем народную песьню “Стаіць вярба” — першы, бадай, выпадак у савецкай музыцы, за выключэньнем, можа, групы “Арсэнал”, калі са сцэны прагучаў модны тады джаз-рок. Прынамсі, уступ гэтай песьні адпавядае канонам той музыкі.

Можна, вядома, спрачацца, наколькі арганічна спалучаюцца тут джаз-рок зь ягоным даволі жорсткім гучаньнем і акцэнтаванымі рытмічнымі фігурамі з народнай мэлёдыкай. Аднак факт застаецца фактам: на той час гэты прыём успрымаўся як рэвалюцыйны. “Мэлёдыя дня” жадае Ўладзімеру Мулявіну здароўся і спадзяецца на тое, што мы ўсе яго яшчэ пачуем!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG