Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Вольны хлопец”. Музыка і словы А.Барычэўскага. Група “Аварыйнае выйсьце”. Дэма-запіс, 2002



З чаго пачынаць? Гэтае пытаньне непазьбежна паўстае перад кожным выканаўцам, кожным калектывам, якія робяць першыя крокі па сцэне. Мне асабіста чамусьці думаецца, што, апрача пошуку ўласнага стылю, месца для рэпэтыцыяў, рэпэртуару, добрага мэнэджэра, не апошнюю ролю ў станаўленьні кожнага пачаткоўца можа адыграць прысутнасьць ягоных песень у праграме “Мэлёдыя дня”.

Вельмі прыемна пачынаць новы мэлядыйны тыдзень з прэзэнтацыі новага імя на беларускай музычнай сцэне. Дакладней, новай назвы, нягледзячы нават на тое, што назва гэтая запамінальная. Група назвалася “Аварыйнае выйсьце”. Чаму — ня ведаю. Магчыма, праца ў адным музычным калектыве была для кожнага зь ягоных удзельнікаў сапраўды пэўным выйсьцем з нейкага няпростага становішча.

Зробленыя сёлета першыя запісы калектыву пакінулі наогул неблагое ўражаньне. Няхай пакуль яшчэ не дастаткова выразнае стылёвае аблічча, няхай пакуль у рэпэртуары мала яскравых, запамінальных, калі хочаце — гітовых песень, аднак “Аварыйнае выйсьце”, мне думаецца, мае шанцы замацавацца ў нашай музычнай рэальнасьці.

Прынамсі, напрамак абраны дастаткова арыгінальны: прэзэнтацыя музыкі, якая нечым нагадвае вулічную гарадзкую. Гэтаму спрыяе адпаведны інструмэнтальны склад і тэматыка саміх песень.

Зараз мы пачуем песьню “Вольны хлопец”, музыка і словы Алега Барычэўскага. Такім чынам, дэбют групы “Аварыйнае выйсьце” ў нашай праграме. Будзем спадзявацца, што “Мэлёдыя дня” зробіцца для музыкаў выйсьцем на абшары сапраўднае папулярнасьці і вядомасьці. Будзем таксама спадзявацца, што гэтую назву мы яшчэ пачуем.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG