Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная кампазыцыя “Чырвоная вішня”. Музыка народная, аранжыроўка і выкананьне — У.Угольнік. Альбом “Уладзімер Угольнік-2”, “Ковчег”, 2001



У творчым асяродку, калі гаворка заходзіць пра навучаньне, перадачу вопыту і ведаў, вельмі істотна, каб настаўнік мог заўсёды на практыцы прадэманстраваць, на што ён канкрэтна здольны, а не абмяжоўвацца толькі тэарэтычнымі выкладкамі. Пакажы, што ведаеш, на практыцы — гэта нармальны падыход у навучаньні творчым прафэсіям.

На працягу шасьці дзён гэтага тыдня нашая праграма імкнулася паказаць вам самую разнастайную музыку. Гэта былі, нагадаю, Аляксандар Памідораў зь песьняй “Зорачкі”, ансамбль “Песьняры” з клясыкай беларускай песьні — “Спадчына”, Зьміцер Вайцюшкевіч з балядай “Журавы”. Кася Камоцкая і група “Новае неба” дзяліліся тым, што ім прысьнілася ў трамваі, вакальная група “Jam Voice” не да часу заклікала купальскай песьняй шукаць папараць-кветку, а група “Стары Ольса” зрывала ружы з музыкі мінулых стагодьдзяў.

Усе гэтыя песьні, нагадаю, у поўным, не мікшаваным варыянце вы зможаце пачуць на нашым сайце.

Што да настаўнікаў, пра якіх гаворка была вышэй, дык неўзабаве ў канцэртнай залі “Менск” адбудзецца канцэрт аднаго з найбольш вядомых музычных настаўнікаў Беларусі — гітарыста Ўладзімера Ўгольніка. Наколькі вядома, у канцэрце, апрача вельмі аўтарытэтных музыкантаў, будуць удзельнічаць і маладыя, у тым ліку вучні прафэсара Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Кожны — з уласным бачаньнем гітарнай музыкі, уласным разуменьнем шляху, па якім варта ісьці.

Тым часам слухаць мы будзем мэтра, апрацоўку народнай песьні “Чырвоная вішня” 2001 году. Уладзімер Угольнік, адзін, без ансамблю, але з магутным тылам у выглядзе не аднаго дзясятка вучняў. Дай Бог гэтак кожнаму з нас!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG