Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Ружа”. Аранжыроўка З.Сасноўскага. Група “Стары Ольса”. Альбом “Келіх кола”, выдавец не пазначаны, 2001



Часта даводзіцца чуць: маўляў, што карыснага можна адшукаць у старой музыцы? Калі казаць пра музыку 30–40-гадовай даўнасьці, дык у дачыненьні, напрыклад, да рок-музыкі там можна адшукаць годную ўвагі школу. Калі казаць пра музыку ранейшых вякоў, дык там, прынамсі, моджна адшукаць здаровы дух. Што таксама нямала.

Я добра разумею гэты здаровы дух, які апанаваў удзельнікаў калектыву пад назваю “Стары Ольса”. Ён дазваляе ім выносіць на суд публікі тую музыку, якой, як яшчэ нядаўна сьцьвярджалі дамарошчаныя кандыдаты ды дактары ад музыказнаўства, у Беларусі ніколі не было, паколькі проста не магло быць. Жалезная лёгіка!

А вось “Стары Ольса” якраз і адкрывае слухачам музычныя старонкі часам вельмі аддаленага мінулага. Канечне, у найлепшым выпадку мы можам казаць альбо пра рэстаўрацыю гэтай музыкі, альбо пра яе стылізацыю. Тым ня менш, дзякуючы ўсяго толькі аднаму калектыву мы сёньня маем ажно два альбомы з музыкай, якой у нас нібыта і не было. Бедныя мы бедныя!

Тым часам “Стары Ольса” чысьценька, стройненька, дакладненька ўвасабляе тую музыку, якая, вядома, і не прэтэндуе на месцы ў модных гіт-парадах, затое нясе дух эпохі, здаровы настрой, водар тых часоў, калі не існавала тэрміну “музычны шоў-бізнэс”.

Песьня “Ружа” — адзін з найбольш запамінальных нумароў з рэпэртуару калектыву, зьнешне простая, няхітрая. Тым ня менш — запамінаецца. Гэта альбом “Келіх кола”, выданьне 2001 году. Аўтараў песьні, зразумела, не назаву: усё схавалася пад напластаваньнямі часу. Але ж як сучасна гучыць!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG