Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Купала”. Аранжыроўка і выкананьне — вакальная група “Jam Voice”. Дэма-запіс, 2002



Мне так думаецца, што маладым заўсёды лягчэй. У тым сэнсе, што іх ня стрымліваюць штампы, якімі мы ўсе з часам абрастаем, як камяні — мохам. У той жа час маладыя музыканты мусяць знайсьці ўласны стыль, а таму ім адначасова — нязьмерна складана. Асабліва калі здаецца, што ўсё пасьпелі зрабіць раней.

У адным з папярэдніх выданьняў нашае праграмы я прэзэнтаваў адзін з запісаў маладога калектыву — мужчынскай вакальнай групы “Jam Voice”, якая складаецца з навучэнцаў і студэнтаў менскіх вучэльняў.

Удзельнікі калектыву трактуюць гэты праект як гобі, яшчэ адну магчымасьць прафэсійнай трэніроўкі. Вось чаму, цалкам магчыма, зробленыя запісы пазначаны як годным увасабленьнем, так і адначасова — даволі традыцыйнай манерай выкананьня, нейкай нават робасьцю, апасеньнем зрабіць нешта ня тое, што рабілі іх папярэднікі.

Праўду кажучы, апасеньні тыя беспадстаўныя: на аснове ўласных назіраньняў магу сьцьвярджаць, што вэтэраны музычнае сцэны нават любяць, калі маладыя прапануюць нешта новенькае. Цяжка казаць, ці будзе праект “Jam Voice” трывалы, ці ўтрымаюцца музыкі разам і ці здолеюць адшукаць уласную сьцяжыну ў музыцы. Пакуль што на іх баку два, прынамсі, плюсы: маладосьць і прафэсійная вывучка.

Калі ўдзельнікі калектыву здолеюць утрымацца разам і намацаць уласную, непаўторную выканальніцкую манеру, яны напэўна здолеюць замацавацца на музычным рынку Беларусі і заняць на ім не апошняе месца.

А пакуль што мы слухаем купальскую песьню ў выкананьні групы “Jam Voice”. Я разумею: не да пары году. Цяперака мы шукаем не папараць-кветку, а пастаўцоў газу. Тым ня менш — маладым у нас заўжды дарога.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG