Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Сон у трамваі”. Музыка групы “Новае неба”, словы А.Глёбуса, аранжыроўка — “Новае неба”. К.Камоцкая і група “Новае неба”. Альбом “Сон у трамваі”, “Ковчег”, 1994



Сон — адна з найбольш загадкавых сфэраў чалавечага быцьця. У снах мы праводзім ці не траціну ўсяго адпушчанага нам часу. Аднак памыляецца той, хто сьцьвярджае, што гэтыя гадзіны страчаныя безвынікова назаўсёды. Колькі выдатных адкрыцьцяў было зроблена ў снах! “Мэлёдыя дня” вітае вас ня ў сьне, а наяве!

Часта здараецца так, што музыку, напісаную і выдадзеную некалі, мы пачынаем разумець толькі праз пэўны час. Яна, быццам віно, высьпявае, набірае водару, каб ужо потым раскрыцца, адцерушыўшыся ад модных павеваў і даносячы да слухача самую сутнасьць.

Такое, прызнаюся, здарылася нядаўна і са мной, калі я па-новаму адкрыў для сябе адзін з альбомаў Касі Камоцкай і групы “Новае неба”, а менавіта “Сон у трамваі”, выданьне далёкага ўжо 1994 году. Дзіўная рэч: гэты альбом я сёньня ўспрымаю ці не як лепшую праграму з усіх, што былі выдадзеныя групай.

Настолькі цэльная, стылёвая яна, гэтак моцна зьбітая і зайграная, гэткую пругкасьць выпраменьвае музыка хутка ўжо 10-гадовай даўніны! Пры гэтым у альбоме няма практычна ніводнага шлягера, за выключэньнем, бадай, вядомай песьні “Той, хто стаіць у мяне за плячыма”, як і няма слабых месцаў.

Ня ведаю, мо агульная канцэпцыя альбому сапраўды прысьнілася адначасова ўсім тым, хто працаваў над ім? Прынамсі, такое ўзаемаразуменьне музыкаў нячаста сустракаецца ў айчыннай практыцы.

Мы праслухаем загалоўную песьню альбому з музыкай групы “Новае неба” на словы Адама Глёбуса. Што да аўтара словаў, дык мушу зазначыць: ён — сапраўды шчасьлівы чалавек, калі можа заснуць у трамваі. Тут і ў ложку няпроста бывае прыдумаць, якая мэлёдыя дня будзе наступная.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG