Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Журавы”. Аранжыроўка З.Вайцюшкевіча. Альбом “Баляды”, выдавец не пазначаны, 2002



Год на год, як кажуць, не выпадае. Калі параўнаць гэты год зь мінулым адносна колькасьці выдадзеных альбомаў зь беларускай музыкай, дык, шчыра кажучы, леташні ўраджай быў большы. Сёлетнія музычныя дажынкі прынесьлі ня так шмат па-сапраўднаму арыгінальных альбомаў.

2 лістапада адбылася афіцыйная прэзэнтацыя новага аўтарскага альбому Зьмітра Вайцюшкевіча “Баляды”. Менавіта пра яго можна казаць як пра адзін з найбольш канцэптуальных праектаў гэтага году. Музыка ўзьняў вельмі цікавы і дастаткова складаны, я нават сказаў бы — спэцыфічны жанр фальклёру, зусім не такі просты для ўвасабленьня, як тое можа здавацца.

Я разумею, колькі было спакусы ў спадара Вайцюшкевіча, які мае за плячыма вялікую школу экспэрымэнтаў з фальклёрам у складзе групы “Палац”, зрабіць з тымі балядамі нешта такое мадэрновае, моднае. Дзякаваць Богу, гэтага не адбылося. Агульная гукавая палітра альбому, я сказаў бы, нават больш стрыманая, чым хацелася б. І тое праўда: часам куды больш складана сказаць проста, чым намяшаць у адно невядома што.

Вядома, што баляды збольшага — творы мінорнага настрою з, вобразна кажучы, прыхаваным мажорам. Такая і баляда “Журавы”, па зьмесьце ўсё ж драматычна-мінорная, у якой мажор прарываецца ў інструмэнтальных пройгрышах. Водар фальклёрнага арыгіналу зьберагаецца тут і з дапамогай адпаведнага інструмэнтарыя, і належнай інтанацыі, у якой няма чужароднасьці. А гэта і сьведчыць якраз пра тое, што праца рабілася шчыра і сумленна.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG