Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Зорачкі”. Музыка і словы С.Новікава-Пяюна. А.Памідораў. Альбом “Я нарадзіўся тут”, выданьне А.Сушы, 2000



Калі паспрабаваць зрабіць аналіз лексыкі тэкстаў папулярных песень, можна лёгка заўважыць, што адно з найбольш часта ўжывальных слоў — гэта “зорка”, “зорачкі”. Пры гэтым слова “зорка” выступает як у прамым, так і пераносным значэньнях. Сёньня ў праграме “Мэлёдыя дня” ўдзельнічаюць зоркі беларускай музыкі. У прамым значэньні.

Выдадзены ў 2000 годзе альбом “Я нарадзіўся тут” ужо, як кажуць, пры жыцьці зрабіўся клясычнай пазыцыяй айчыннай папулярнай музыкі. І ня толькі таму, што ідэя прадусэра Алеся Сушы аб’яднала многіх арыгінальных аўтараў ды выканаўцаў. А яшчэ і таму, што кожны з удзельнікаў праекту, укладаючы ўласныя здольнасьць ва ўвасабленьне агульнае справы, тым ня менш заставаўся сабой, дзякуючы чаму музыка гэтага альбому надзвычай разнастайная.

Песьню “Зорачкі” з музыкай і вершамі Сяргея Новікава-Пяюна ўвасобіў Аляксандар Памідораў і зрабіў гэта адмыслова, непаўторна. Мабыць, ён нешта адчуў такое, што падштурхнула яго стылізаваць аранжыроўкай настрой ды стылістыку песьні пад тое, як падобнага пляну песьні гучаць у невысокага пашыбу рэстарацыях, дзе задача музыкаў — дагадзіць густам асноўнага кантынгенту. А які там кантынгент — вядома.

Вось чаму гэтая песьня, якой больш за паўстагодзьдзя, атрымала быццам другое нараджэньне. Так, староньні чалавек можа нават сказаць: пашляціна. А вось той, хто абазнаны, запярэчыць: не, тонкая стылізацыя. І будзе мець рацыю. Такія рэчы няпроста зразумець тым, хто нарадзіўся ня тут. Гэтак сама, як і тое, пра што тыя зорачкі расказваюць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG