Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Вартаўнік”. Музыка групы “Мясцовы час”, словы А.Сьвідрыцкага. Група “Мясцовы час”. Альбом “Гіт-парад Беларускай маладзёжнай”, “Мелодия”, 1990



Агульнавядома, што цэнтар сусьветнага музычнага шоў-бізнэсу знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Расейскія выканаўцы шукаюць шчасьця ў Маскве. Беларускія музыканты, зразумела, таксама імкнуцца жыць у сталіцы, дзе, апрача студыяў, заляў, ёсьць яшчэ і праграма “Мэлёдыя дня”, якая зацікаўленая паказваць і тое, што робяць музыканты, якія жывуць па-за сталіцай.

Такіх прыкладаў гучала ў нашай праграме ўжо шмат. І на так званай пэрыфэрыі робіцца нямала цікавага. Так, на мяжы 80-х і 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя вельмі папулярная ў Беларусі была полацкая група “Мясцовы час”. Музыка калектыву абапіралася на выразныя каноны ледзь не клясычнага гард-року аж да таго, што можна было праводзіць пэўныя паралелі “Мясцовага часу” з музыкай, скажам, групы “АС/DС”.

Да таго ж, незвычайны голас саліста-вакаліста Алеся Кузьміна, які ўпэўнена валодаў дыскантам, надаваў творам групы надзвычай своеасаблівае гучаньне, хоць гэты прыём, прызнацца, аж занадта актыўна эксплюатаваўся зь песьні ў песьню. Пазьней, у сярэдзіне 90-х, калектыў практычна зьнік з поля зроку і толькі ў 1999 годзе нагадаў пра сябе вельмі ўдалым альбомам. І зноў — цішыня.

Сёньня ж мы паслухаем “Мясцовы час” з тых яшчэ часоў, запіс з альбому “Гіт-парад “Беларускай маладзёжнай” 1990 году. Песьня “Вартаўнік” — даволі тыповы ўзор творчасьці гэтай групы, якая, здавалася б, мела ўсе шанцы замацавацца ў Менску. Аднак лёс склаўся іначай, хоць, канечне ж, ня хочацца, каб гэты запіс зрабіўся ўсяго толькі адной са старонак гісторыі айчыннага року. Зрэшты, будзе працяг ці не — пачуем!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG