Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Рэгтайм”. Музыка Р.Макінтоша. Аранжыроўка і выкананьне — дуэт “Алегрыяс”. Альбом “Вечерняя самба”, “Ковчег”, 2000



Апошнія гады ўсё часьцей можна назіраць цікавую тэндэнцыю, калі да музычных твораў, што належаць да старых, устойлівых жанраў, зьвяртаюцца прадстаўнікі цалкам іншых жанраў музыкі. Скажам, нас сёньня ўжо не зьдзіўляе выкананьне музыкі акадэмічнай на народных інструмэнтах. Не павінна зьдзівіць вас і тое, што прапануе вам праграма “Мэлёдыя дня”.

У музыцы сапраўды ёсьць такія жанры, якія лічацца недакранальнымі для, так бы мовіць, выкарыстаньня збоку. Напрыклад, творы, напісаныя для клявэсына, могуць гучаць толькі ў такім выкананьні, а не ў якім іншым. Тым ня менш, усё больш назіраецца выпадкаў, калі немагчымае ў музыцы раней робіцца рэальным.

Возьмем, да прыкладу, рэгтайм, жанр, які яшчэ зусім нядаўна, здавалася б, можна было выконваць выключна на фартэпіяна, бо і нарадзіўся ён менавіта як фартэпіянная музыка. Аднак сёньня мы маем нямала прыкладаў, калі рэгтайм прымае іншую афарбоўку і выконваецца на цымбалах, духавых інструмэнтах.

Менскі гітарны дуэт “Алегрыяс”, у складзе якога выступаюць віртуёзы Сяргей Анцішын ды Аляксандар Церахаў, уключыў у рэпэртуар “Рэгтайм” аўтарства Робэрта Макінтоша. Рэгтайм, спрошчана кажучы, — спалучэньне ў адным дзьвюх партыяў рук піяніста. Менскія гітарысты таксама спалучаюць у адным дзьве партыі. І аказваецца, што музыка некалі надзвычай кансэрватыўнага жанру можа гучаць па-новаму, нечакана і нават адкрыўча, калі кожная з гітараў працуе за левую і правую рукі піяніста.

Зрэшты, у такой справе ўсё залежыць ад таленту, якога Анцішыну да Церахаву не займаць. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG