Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Кастрычніцкі цягнік”. Музыка і словы — група “Мроя”. Група “Мроя”. Альбом “28-я зорка”, “Мелодия”, 1989



Зусім яшчэ нядаўна савецкі народ, ідучы насустрач, як тады казалі, чарговаму дзяржаўнаму сьвяту, складаў таму сьвяту свае падарункі. Так, да многіх сьвятаў пісаліся новыя музычныя творы, прэм’еры новых песень гучалі падчас вялізных сьвяточных канцэртаў. Сёньня — таксама такі дзень зь недалёкага мінулага, які варта было б сустрэць музычным падарункам.

Праўду кажучы, падарунак тым, хто па традыцыі сьвяткуе гадавіну дзяржаўнага перавароту ў Расеі, што выклікаў пазьней нябачны ва ўсім сьвеце тэрор, мы падрыхтавалі своеасаблівы. Гэта будзе песьня. Прэм’ерным паказам тое не назавеш, бо была выдадзеная яна ў 1989-м, калі не памыляюся, годзе яшчэ фірмай “Мелодия” ў альбоме “28-я зорка”.

Гэты альбом групы “Мроя” быў адным зь яскравых дасягненьняў перабудовы: уявіць сабе такое выданьне яшчэ трыма-чатырма гадамі раней было проста немагчыма. Сярод песень калектыву была і “Кастрычніцкі цягнік” — гард-рокавая кампазыцыя, у якой музыканты праз алегорыі паказалі сваё стаўленьне да таго, што здарылася ў кастрычніку 1917 году, і да наступстваў гэтай падзеі, якую многія дагэтуль чамусьці лічаць сьвятам. Неверагодная загадка айчыннай душы: абы нагода была!

Між тым, запісы “Мроі” канца 1980-х ужо выразна сьведчаць пра тую стылістыку, у якой пазьней пойдзе разьвіцьцё творчасьці Лявона Вольскага і ягоных калег, хоць, безумоўна, тады гэтыя музыканты імкнуліся выглядаць як мага больш сур’ёзна ды грунтоўна. Аднак можна пачуць і тое, што тыя памкненьні яшчэ не заўсёды падмацоўваліся грунтоўным выкананьнем. Тым ня менш песьня “Кастрычніцкі цягнік” сёньня — таксама дакумэнт гісторыі. Пачуемся, акцябраты, але не ў такім, спадзяюся, вагоне!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG