Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Печы блюз”. Музыка і аранжыроўка І.Сацэвіча. Група “Apple Tea”. Альбом “Пчаліны танец”, “Ковчег”, 1996



З чаго пачынаецца фантазія сапраўды творчага чалавека, калі ён пачынае працу над новым творам? Што яго схіляе выбраць той ці іншы сюжэт, зьвярнуцца да той ці іншай формы, нарэшце, назваць свой твор менавіта так, а не іначай? Паспрабуем пра гэта й пагутарыць у чарговым выданьні праграмы “Мэлёдыя дня”.

Я ўжо неаднаразова зьвяртаў вашую ўвагу на тое, што многія аўтары музычных твораў надаюць ім часам надзвычай незвычайныя назвы, у першую чаргу — у джазе. Гэта невыпадкова, хоць бы ў сувязі зь вядомым прыслоўем — як карабель назавеш, так ён і паплыве.

Усе музычныя “караблі”, якія будуе лідэр менскай групы “Apple Tea” Ігар Сацэвіч, на маю думку, трымаюцца на вадзе вельмі ўпэўнена. Па-першае, з прафэсійнага гледзішча творы ягонага аўтарства вырашаныя дасканала. Па-другое, увасабляюцца яны таксама на вельмі высокім ня толькі па беларускіх мерках узроўні. Па-трэцяе, сябры ведаюць Ігара Сацэвіча яшчэ і як паэта і мастака. Вось чаму ягоныя творы маюць звычайна вельмі цікавыя назвы.

“Печы блюз” — таксама назва невыпадковая. Гэта свайго роду ваенны джаз, бо напісаная была гэтая п’еса яўна як успамін пра пэўны этап жыцьця музыканта, зьвязаны са славутым вайсковым цэнтрам пад Барысавым. П’еса вытрыманая ў клясычнай блюзавай форме, была выдадзеная ў першым альбоме калектыву ў 1996 годзе яшчэ з Андрэем Матліным у якасьці асноўнага саксафаніста і, што цікава, прысутнічае ў рэпэртуары калектыву і сёньня.

Нездарма кажуць: ваенна-патрыятычная тэма для музыкантаў — вечная. Нават калі яны выконваюць джаз, некалі музыку ідэалягічна шкодную. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG