Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “It Don’t Mean a Thing If It Ain’t Got That Swing”. Музыка Д.Элінгтана, аранжыроўка З.Мэйсьнера. Ансамбль “Рэнэсанс”. Альбом "Swing Station”, “West Records”, 2001



Часам здараецца, што назва той ці іншай кампазыцыі ці песьні настолькі ўдалая, што пачынае жыць самастойным жыцьцём, а сама музыка нават забываецца. Адным з такіх кампазытараў, што выдумвалі для сваіх твораў назвы дасьціпныя і незвычайныя, быў Эдвард Кенэды Элінгтан. Ягоную музыку мы і паслухаем сёньня.

Мэлёдыя сёньняшняга дня мае працяглую назву і цалкам гучыць так: “It Don’t Mean a Thing If It Ain’t Got That Swing”. Перакладаюць яе па-рознаму, хоць найбольш блізкім да самае сутнасьці будзе такі варыянт: “Гэта ня мае сэнсу, калі не зьмяшчае ў сабе сьвінгу”.

Назва твору цалкам невыпадковая: Дук Элінгтан пісаў яго для свайго славутага бэнду, які ў джазе лічыцца адным з найбольш яскравых увасабленьняў сьвінгу, няўлоўнага джазавага рытму, які, па сутнасьці, і робіць з практычна любой музыкі джаз.

Такім чынам, сутнасьць назвы робіцца зразумелай: ёсьць сьвінг — ёсьць і джаз, няма сьвінгу — прабачце, сэнс выконваць гэтую музыку траціцца. Прынамсі, для Дука Элінгтана. І менскага ансамблю традыцыйнага джазу “Рэнэсанс” — таксама.

Гэты запіс найстарэйшага калектыву беларускага джазу, які сёлета адзначыў чвэрць стагодзьдзя творчага шляху, паходзіць з выдадзенага мінулым годам альбому “Swing Station”. Аранжыроўка Зэпа Мэйсьнера.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG