Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Братка-беларус”. Музыка і словы Міхася Скрундзя, аранжыроўка Юрыя Пшанічнага. Інструмэнтальная група ансамблю “Харошкі”. Дэма-запіс, 2002



Здаўна вядома: які б ні быў таленавіты кампазытар, аднак і яму надзвычай рэдка здараецца напісаць твор, які б вельмі хутка зрабіўся па сутнасьці творам народным. Гэта значыць, набыў вялікую папулярнасьць і атрымаў мноства варыянтаў увасабленьня. Гэта праграма “Мэлёдыя дня”, і сёньня мы пачуем адзін з такіх твораў.

Тут вось што цікава: калі ў ансамблі “Харошкі” мне прапанавалі новыя запісы, гэтая песьня, што называецца “Братка беларус”, адразу ж зьвярнула на сябе ўвагу: надта ўжо зграбна, весела яна гучыць, надта ж дакладная яе аранжыроўка. Усё гэта зьлілося ў сапраўды звышудалы твор, які сёньня выконваюць многія калектывы і ў самых розных варыянтах.

Але мушу прызнацца: вялікіх намаганьняў каштавала тое, каб дазнацца, хто ж напісаў гэтую песьню. Мне напачатку сказалі, што яе аўтар жыве ў Баранавічах, завуць яго Міхась, а вось прозьвішча... Зрэшты, такое часам здараецца: народнымі лічаць такія песьні, як “Ручнікі”, “Бывайце здаровы, жывіце багата”, хоць яны маюць аўтараў.

Што да песьні “Братка беларус”, дык аранжыроўка Юрыя Пшанічнага спалучыла народную стылістыку з прыёмамі, характэрнымі для сучасных эстрадных шлягераў, і атрымалася тое настолькі ўдала, што гэтая песьня сьмела можа прэтэндаваць на самыя высокія месцы ў гіт-парадах. Гэта вельмі нагадвае па гучаньню групу “Палац”. А завуць аўтара, як мне сказалі ўжо ў Баранавічах, куды давялося званіць, Міхась Скрундзь. Вось так, браткі беларусы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG