Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Eleanor Rigby”. Музыка Ленана і Макартні. Я.Канавалаў. Дэма-альбом “Крывы блюз”, 2002



Мушу прызнацца: чым больш існуе праграма “Мэлёдыя дня”, тым больш я сам не перастаю зьдзіўляцца тым, што робяць айчынныя музыканты. Здавалася б, у цэлым даволі добра вядома, на што здатны літаральна кожны зь іх, аднак сюрпрызы не канчаюцца.

З пару тыдняў таму я ўжо паказваў адну з гітарных кампазыцыяў, якія вэтэран беларускага рок-н-ролу Яўген Канавалаў запісвае выключна ў хатніх умовах, не карыстаючыся кампутарам, але ўжываючы тэхніку накладаньня інструмэнтальных партыяў.

Яўген Канавалаў, які рос на блюзе, не пакідае гэтую музыку й цяпер, аднак што цікава: разам з клясычнымі пазыцыямі блюзавага рэпэртуару ён запісвае і ўласныя творы. Запісы гэтыя, канечне ж, невысокай як на сёньняшні дзень якасьці, затое нясуць у сабе самае істотнае: шчырасьць, адкрытасьць выказваньня.

І нават калі Яўген Канавалаў зьвяртаецца да проста вельмі вядомых мэлёдыяў, ён наталяе іх выразным блюзавым духам, як гэта здарылася і зь вядомай песьняй “Eleanor Rigby” Ленана і Макартні.

Тут гітарыст запісаў партыі дзьвюх гітараў, поўныя імправізацыі на блюзавай аснове. Атрымалася вельмі нетыпова і арыгінальна, і можна толькі здагадвацца, што было б, калі гэтая музыка запісвалася б не ў хатніх умовах на старэнькі касэтавы дэк, а ў сучаснай студыі. Яўген Канавалаў, нагадаю, выконваў рок-н-рол у тыя ж гады, калі такую ж музыку выконвала і група “Бітлз”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG