Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Катуй-ратуй”. Музыка і словы Лявона Вольскага. Група “NRM”. Альбом “Тры чарапахі”, “Bulba Records”, 2000



Так ужо здаўна склалася, што ад жыцьця мы заўсёды чакаем лепшага. І нават калі тое лепшае затрымліваецца ў часе, надзея ўсё адно не пакідае нас. У тым ліку і надзея на тое, што праграма “Мэлёдыя дня” пазнаёміць з новымі творамі любімых выканаўцаў.

Група “NRM” — адзін з пастаянных удзельнікаў нашае праграмы, але ўважлівыя слухачы могуць адзначыць, што збольшага ў эфіры гучаць даўнія песьні гэтага калектыву. Што ж, неўзабаве, як зрабілася вядома, “NRМ” мае запрэзэнтаваць новы альбом, праца над якім ужо скончаная. Пра гэтыя запісы мы напэўна пагаворым асобна, аднак сёньня хочацца нагадаць адзін з твораў “NRM” узору пазамінулага году з альбому, што называецца “Тры чарапахі”.

Песьня “Катуй-ратуй” — тыповы твор гэтага альбому, яе нараўне з многімі іншымі песьнямі можна сьмела называць шлягерам. Што, зрэшты, і адпавядае праўдзе жыцьця. Спалучэньне стрымана-баляднага запеву з энэргічным, вострага, нават рэзкага гучаньня прыпевам, гэткія імгненныя зьмены настрою наогул надзвычай характэрныя для песень “NRM” двухгадовай даўніны. А тут яшчэ й Беларускае тэлебачаньне коніка выкінула: нечакана паказала ў начным эфіры цэлы канцэрт гэтай групы, якая колькі гадоў наагул лічылася на БТ непажаданай асобаю.

Што ж, застаецца адно згадаць мудрыя словы: сапраўднае заўсёды адшукае шлях да сэрцаў слухачоў, катуй яго ці ратуй. З тым і разьвітаемся ў чаканьні новых песень ад “NRM”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG