Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Калыханка”. Музыка і аранжыроўка А.Моўчана, словы — адаптаваны фрагмэнт са Стараславянскай Бібліі. Т.Моўчан. Дэма-запіс, 2000



Згадваю стары анэкдот: над паэтам, які ў задуменьні сядзіць за сталом над аркушам чыстай паперы, раптам узьнікае Муза. “Адыдзіся, не перашкаджай! — гнеўна крычыць паэт. — Хіба ня бачыш, што я пішу тэкст песьні?!” Што ж, кожнаму свае радасьці.

Перадапошні кастрычніцкі тыдзень праграма “Мэлёдыя дня” правяла, нагадаю, з наступнымі выканаўцамі. Валік Грышко заклікаў “Каханую” не пакідаць яго ў кожную пару году, група менскіх музыкантаў дапамагла кампазытару Ўладзімеру Кур’яну ўвасобіць ягоны тэатральны “Блюз”, а “Песьняры” расказалі пра жудасную гісторыю пераўвасабленьня нялюбай нявесткі, якая магла б пакласьціся ў аснову сюжэту беларускага мыльнага сэрыялу. Дзьмітры Яўтуховіч запрасіў нас у падарожжа па Блізкім Усходзе, праўда, за ўласны кошт, ансамбль “Рагнеда” даў новае прачытаньне песьні “Беларусь мая” Вадзіма Навіцкага і Сержука Сокалава-Воюша, а Стэфан згадаў, што ўсе ягоныя спробы застацца сабою на вялікай эстрадзе былі толькі “Сном” Леаніда Шырына на словы Алеся Камоцкага.

Сёньня, у канцы тыдня, прагучыць песьня не зусім звычайная. Вядомы па працы ў “Песьнярах” Алег Моўчан напісаў музыку да адаптаванага фрагмэнту з, як мне сказалі, Стараславянскай Бібліі. Няхай так. У выніку атрымалася сапраўдная, цудоўная калыханка, якую пранікнёна сьпявае Тацяна Моўчан. Гэтая мэлёдыя, як мне падалося, анічым не саступае тым калыханкам, да якіх прывыклі ня толькі мы, але ўжо і нашыя дзеці.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG