Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Беларусь мая”. Музыка В.Навіцкага, словы С.Сокалава-Воюша. Аранжыроўка У.Гінько. Ансамбль “Рагнеда”. Альбом “Рагнеда”, GMRS (Нямеччына), GEMA, 2001



Нават людзі ня надта дасьведчаныя могуць назваць не адну песьню, якая лічыцца народнай. Гэта значыць, імёны яе аўтараў, калі такія наогул былі, амаль згубіліся ў віхуры часу ды рапарцічках падатковай інспэкцыі. “Мэлёдыя дня”, у адрозьненьне ад многіх, імкнецца да таго, каб аўтары кожнай песьні былі вядомыя.

Зразумела, калі гаворка ідзе пра такую песьню, як “Когда я на почте служил ямщиком”, якую, напрыклад, усходнія выканаўцы ўпарта называюць расейскай народнай, яе аўтарства аднавіць сапраўды няпроста. Аднак: абы жаданьне было! І тады Ўладзіслава Сыракомлю можна называць аўтарам вершаў да народнай песьні. Аўтар музыкі — дагэтуль ва ўсенародным росшуку.

А тут вось аўтарамі яшчэ адной народнай песьні нечакана зрабіліся кампазытар Вадзім Навіцкі і паэт Сяржук Сокалаў-Воюш. Чысты анэкдот: кіраўнік ансамбля “Рагнеда” Ўладзімер Гінько пачуў гэтую песьню ў запісе, адно што бяз двух першых радкоў, якія сам ён і дапісаў. Аўтараў яму таксама ніхто ня здолеў назваць. І ў выніку ў альбоме, які ансамбль “Рагнеда” выдаў у Нямеччыне, песьня пад назваю “Мая Беларусь” значыцца як традыцыйная.

Вядома, сытуацыя недарэчная, але ж выправіць яе ў нашых сілах. Песьня “Беларусь мая”, музыка Вадзіма Навіцкага, словы Сержука Сокалава-Воюша, аранжыроўка Ўладзімера Гінько і ансамбль “Рагнеда”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG