Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Journey to The Middle East”. Розныя выканаўцы. Музыка і аранжыроўка З.Яўтуховіча. Альбом “Mystery of The Dark Ocean”, дэма-выданьне, 2002



Ёсьць людзі, якія сьцьвярджаюць, што найлепш будаваць уласнае жыцьцё на кантрастах. Маўляў, калі твой лёс складаецца з выключна белых палосак, жыцьцё ўрэшце абавязкова надакучыць. Павінна зрэдку трапляцца й чорная. Сёньняшняя “Мэлёдыя дня” якраз і прагучыць кантрастам. Чаму? Пра гэта ніжэй.

Заўважана: чым больш мокрая восень, тым менш пішацца вясёлых шлягераў. Але гэта ў тых кампазытараў, якія не працуюць па прынцыпу кантрасту.

Вунь Зьміцер Яўтуховіч падрыхтаваў да выданьня альбом кул-джазу ды сьветлых мэлёдыяў для фартэпіяна пад назваю “Mystery of The Dark Ocean” — першы альбом беларускага джазу на амэрыканскім кантынэнце. Ёсьць у гэтым альбоме і кампазыцыя з экзатычнаю як на наша цяперашняе надвор’е назваю “Journey to The Middle East”. У ёй з дапамогаю гучаньня многіх інструмэнтаў, на якіх іграюць у тым ліку былыя зоркі савецкага ды ў нечым беларускага джазу, кампазытар перадае атмасфэру Блізкага Ўсходу.

Цяжка сказаць, на краявіды якой азіяцкай краіны арыентаваўся аўтар. Прынамсі, у гучаньні музыкі няпроста адчуць нешта такое, што згадвала б восеньскую слоту, перагружаны транспарт ды пераможны поступ футбольнай зборнай Беларусі. Што ж, у нас рэаліі свае, у Зьмітра Яўтуховіча свае, а на Блізкім Усходе…

Экзотыка, адным словам. Як і беларускі джаз у Канадзе. Аднак чаго толькі ў жыцьці не здараецца!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG