Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Каліна”. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Перапёлачка” (па назьве першай песьні), “Мелодия”, прыбл. 1979



Нездарма кажуць, што кожная пара году, нават кожная часіна дня часам літаральна дыктуюць уласную музыку. Што да часіны дня, дык сёньняшнюю мэлёдыю, канечне ж, больш дарэчы слухаць увечары. Што да пары году, дык вясельныя мэлёдыі ў кастрычніку крочаць поруч з тыпова восеньскімі настроямі.

Сёньня мы зноў зьвяртаемся да спадчыны ансамблю “Песьняры”, хоць ніхто, мне думаецца, хаваць гэты калектыў не зьбіраецца, нягледзячы на ўсе праблемы. Трагічнае здарэньне з Уладзімерам Мулявіным не замінае “Песьнярам” выступаць з канцэртамі, а на чале калектыву зараз стаіць Леанід Барткевіч, адзін з музыкантаў, як кажуць, першага закліку.

Вось чаму цалкам невыпадкова будзе гучаць песьня “Каліна”, запісаная ў сярэдзіне 70-х, у якой і салюе ўласна Леанід Барткевіч. Хачу зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што ляжыць у аснове аранжыроўкі гэтай песьні, якая паходзіць, нагадаю, з найбольш творчага, поўнага экспэрымэнту альбому, што зьмяшчае выключна народныя песьні.

Па-першае, пачуйце тонкую партыю зьлёгку праджазованага фартэпіяна, якое быццам расквечвае асноўную мэлёдыю. Па-другое, партыю гітары, таксама поўную джазавых акцэнтаў.

У спалучэньні з магутнай вакальнай партыяй усё гэта стварае надзвычай тонкую, майстэрскую кампазыцыю, якая, мне думаецца, годная таго, каб упрыгожыць кожны падручнік па майстэрству аранжыроўкі. Вось толькі імя аранжыроўшчыка на вокладцы альбому, на жаль, не згаданае.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG