Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Блюз”. Розныя выканаўцы. Музыка У.Кур’яна. Альбом “Камэрныя і аркестравыя творы. Музыка для тэатру”, выдавец не пазначаны, 2002



Аднойчы вялікую групу вядомых музыкантаў папрасілі даць тлумачэньне тэрміну “блюз”. Кожны, зразумела, выказаўся па-свойму, аднак яснасьці ў гэтым пытаньні не паболела ні на кроплю. Што такое блюз, як аказалася, кожны разумее па-свойму. У тым ліку і праграма “Мэлёдыя дня”.

Калі кампазытар Уладзімер Кур’ян у нашай студыі расказваў пра тое, як ён стварае музыку для тэатральных пастановак, ён распавёў, што ў якасьці інструмэнтаў выкарыстоўвае літаральна ўсё, што здольнае даваць гукі.

Прычым па роду сваёй спэцыялізацыі Ўладзімер мусіць ствараць надзвычай разнастайную музыку, не мінаючы, зразумела, і клясычныя жанры. Прычым клясычныя ў дачыненьні да розных часоў ды традыцыяў.

Так, для лірычнай камэдыі “Смак яблыка” ён напісаў блюз, які, калі разглядаць яго з пазыцыяў уласна клясычнага блюзу, такім у цэлым і не зьяўляецца. У дадзеным выпадку кампазытар, мне думаецца, арыентаваўся больш на адно са значэньняў гэтага слова, зьвязанае са словам “сум”. У нас неяк здаўна павялося, што літаральна кожную павольную, лірычную мэлёдыю называлі блюзам. Тут жа дадатковым элемэнтам служыць і сольная партыя саксафона, якую выконвае Ўладзімер Асіпенка.

А ў цэлым гэтая мэлёдыя — проста прыгожая, годна напісаная музыка, смачная, як позьні восеньскі яблык. Уладзімер Кур’ян, зрэшты, таксама значэньне тэрміну “блюз” зразумеў па-свойму.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG