Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Каханая”. Музыка, словы, аранжыроўка і выкананьне — В.Грышко. Дэма-запіс, 2002



Я ведаю даволі шмат людзей, якія надзвычай доўга вагаюцца, настройваюцца, муляцца, рыхтуюцца, перш чым бяруцца за тую ці іншую справу абедзьвюма рукамі. Гэтак сама і перада мной стаяла задача вызначыць, чым жа распачаць чарговы тыдзень з “Мэлёдыяй дня”?

Адказ на тое пытаньне прыйшоў неяк сам сабой. Паколькі на вуліцы восень, дажджы, калі ня мокры сьнег, думаецца, зробяцца нашымі сталымі спадарожнікамі на даволі працяглы час, дыктуючы цалкам пэўны настрой, своеасаблівым камэртонам тыдня ўдала, на маю думку, зробіцца песьня “Каханая”, што выконвае Валік Грышко.

Гэтага аўтара і выканаўцу цяжка назваць шырока папулярным, аднак, як я ўжо згадваў, Валік зацікавіў уласнымі песьнямі маскоўскіх акулаў музычнага шоў-бізнэсу, што зь беларускімі артыстамі здараецца ня так часта.

Валік Грышко піша, трэба прызнаць, нетыповыя папулярныя песьні, што па аранжыроўках, што па манеры падачы. Здаецца, тэкст для яго — усяго толькі падстава для стварэньня яшчэ аднаго голасу ў агульным гучаньні крыху мэлянхалічных, падобных на густую вадкасьць песень, якія быццам бы сьцякаюць з дынамікаў, у той час як інструмэнтальныя партыі гучаць больш моцна і засноўваюцца на складаных рытмічных пабудовах.

Кажуць: калі шмат электронікі, тады ў песьні мала душы. Слухаючы Валіка Грышко, з той тэзаю можна і паспрачацца.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG