Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “За туманам”. Аранжыроўка і выкананьне — група “Крыві”. Альбом “За туманам”, “Ковчег”, 1998



Сярэдзіна восені — час няпросты найперш псыхалягічна. Дзень карацее, надвор’е насьміхаецца зь людзей, як можа, а тыя, яшчэ спадзеючыся на кароткае бабіна лета, прагнуць аднаго: абы хутчэй сьнег лёг. Музыканты рыхтуюцца падводзіць вынікі сэзону, работнікі ДАІ — вынікі восеньскае слоты. Гэта “Мэлёдыя дня”, не сумуйце хоць вы!

Выбрыкі атмасфэры, аднак, не пашкодзяць нам згадаць, зь якой музыкай мы правялі гэты тыдзень. Дэбютанты праграмы, менская студэнцкая група “Jam Voice”, адзначыла: “Ой, сівы конь бяжыць”, ансамбль “Песьняры” згадалі “Завушніцы” ўласнага, юнага тады ўзросту, Канстанцін Драпеза прапанаваў гітарнае прачытаньне “Салярысу”. Удзельнікі праэкту “Крамбамбуля” заклікалі ахвочых працягнуць “аксамітны сэзон” за дэгустацыяй “Тэкілы і агуард’ентэ” далёка па-за межамі дасягальнасьці “Дажынак” і капаньня цукровых буракоў, “Сарабанда” з балету “Тыль Уленшпігель” Яўгена Глебава нагадала, што інквізыцыя ды чарговы кароль-вешальнік заўсёды могуць зьявіцца ў натоўпе тых, што сьвяткуе, а група “Flat” песьняй “The Call of Winter” пазначыла зьменлівую пару году, у якую мы з вамі сустракаемся.

І сапраўды: сёлета на двары дзееца нешта нетыповае. У некаторых газэтах пайшла нават гаворка ледзь не пра выпрабаваньні нейкай таямнічай атмасфэрнай зброі. Але, як кажуць, да паводкі рыхтуйся, а жыта сей. Хоць усялякія прагнозы пакрытыя суцэльным туманом.

Вось і ў 1998 годзе ўдзельнікі групы “Крыві” выдалі альбом, які так і называўся: “За туманам”. Думаю, мелі яны на ўвазе разьвіцьцё беларускага шоў-бізнэсу, а ня ўласна надвор’е.

Тым ня менш, для вернасьці, уставілі ў альбом аж дзьве вэрсіі песьні, зь якіх мы паслухаем сёньня ня цяжкую, мэталізаваную, а зробленую ў больш клясычным настроі, характэрным для звычайнага восеньскага надвор’я Беларусі, для якога наяўнасьць бабінага лета з туманамі — гэткая ж неад’емная прыкмета, як і для вас — “Мэлёдыя дня” сёлета штодня.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG