Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “The Call of Winter”. Музыка, словы, выкананьне і аранжыроўка — група “Flat”. Альбом “Street Boogie”, “Vigma”, прыбл. 1998



Праграма “Мэлёдыя дня”, вядома, ня мае аніякага дачыненьня да праграмаў, якія перадаюць прагнозы надвор’я, і тым больш не спадзяецца апярэдзіць іх з прадказаньнямі. Адно што стан надвор’я, безумоўна, уплывае на характар музыкі, якая гучыць. Вітаю вас восеньню, сябры!

Паколькі прадказаць надвор’е сёлета асабліва складана, паколькі чарговыя выданьні “Мэлёдыі дня” рыхтуюцца загадзя, паколькі, нарэшце, прадказаньні наогул — няўдзячная справа, мы нават і не імкнемся трапіць дакладна ў цэль. Аднак наўрад ці хто мог прадказаць, што празь нейкі месяц пасьля верасьнёўскае сьпёкі мы атрымаем хоць мокры, але сьнег. І тады спрацаваў музычны інстынкт: кожнай пары году — свае песьні.

Сярод запісаў айчынных музыкантаў адшукалася песьня з надзвычай красамоўнай назваю: “The Call of Winter”. Створаная і выдадзеная яна была недзе ў другой палове 90-х музыкантамі надзвычай цікавай групы “Flat”, якая стылістыкай абапіралася на здабыткі біт-музыкі другой паловы 60-х, калі, уласна, яшчэ не існавала тэрміну “рок-музыка”. Музыканты групы “Flat” працавалі дакладна ў стылі, хоць аснову рэпэртуару складалі філігранныя стылізацыі таго, што гучала ў згаданыя гады на Захадзе.

“The Call of Winter”, “Водгульле зімы” — з тых самых твораў, дакладных па інтанацыі, выкананьню. Тэарэтычна гэты калектыў існуе і сёньня, аднак выступае надзвычай рэдка. Магчыма, ён проста спазьніўся ў часе. Што ж, гэта таксама яшчэ адна анамалія, якіх гэтак шмат цяпер вакол нас.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG