Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сарабанда”, фрагмэнт з музыкі да балету “Тыль Уленшпігель”. Музыка Я.Глебава. Дзяржаўны сымфанічны аркестар Беларусі п/к Ю.Яфімава. Альбом “Тыль Уленшпігель”, “Sony Austria”, 1994



Як мне ўжо неаднойчы даводзілася казаць, паняцьце “папулярная музыка” для мяне асабіста ахоплівае дастаткова шырокі дыяпазон. Яно ўключае ў сабе часам і некаторыя творы камэрнай, сымфанічнай, балетнай музыкі.

Ці ведаеце вы, што за ўсю гісторыю існаваньня Беларусі, як савецкай, так і незалежнай, толькі адзін твор балетнага жанру аўтарства беларускага кампазытара быў выдадзены ў грамзапісу? Тым ня менш гэта так: музыка Яўгена Глебава да балета “Тыль Уленшпігель” была выдадзеная ў 1994 годзе аўстрыйскім аддзяленьнем фірмы “SONY” пры спонсарскай дапамозе “Мінсккомплексбанку”.

Гэта быў, бадай, першы ў Беларусі двайны кампакт-дыск з музыкай у выкананьні Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам Юрыя Яфімава. На жаль, няма з намі і кампазытара, і дырыжора, спонсар таго выданьня Яўген Краўцоў — за кратамі, але дзякуючы ўсім ім гэтая музыка засталася жыць.

“Сарабанда” — музыка зь першага акту балету, калі на плошчы, дзе танцуюць флямандцы, зьяўляюцца кароль-вешальнік Філіп ды інквізытары. Я разумею: твор гэты надзвычай цяжка аднесьці да папулярных жанраў. Але такой вось чамусьці падалася мне мэлёдыя гэтага дня. Ды хоць бы таму, каб мы не забываліся на тых, хто быў некалі папулярны ў сваім жанры, у сваёй прафэсіі, хто ствараў славу нашае музыкі. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG