Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Тэкіла і агуард’ентэ”. Праект “Крамбамбуля”: розныя выканаўцы. Музыка і словы Х.-А.Хлопэса (Л.Вольскага). Альбом “Крамбамбуля”, “Крамбамбуля”, 2002



Раней восень для беларусаў азначала выключна дажынкі, сэзон нарыхтоўкі грыбоў ды вясельлі. Словаспалучэньне “аксамітны сэзон” прыйшло ў тыя гады, калі турыстычныя фірмы пачалі рэклямаваць адпачынак па нібыта зьніжаных коштах. Многім адразу ж захацелася быць там, дзе няма ані дажынак, ані нарыхтовачнай кампаніі. Адбіўся той настрой і на айчыннай музыцы.

Выдадзены сёлета альбом “Крамбамбуля” зьявіўся даволі знакавым. Ён, па-першае, засьведчыў даўнюю прагу беларусаў зьведваць сьвет праз уласнае выпрабаваньне экзотыкі, хоць бы на ўзроўні экзатычных напояў. Па-другое, папоўніў песенны рэпэртуар беларусаў творамі, якія ўсяляк заклікалі разьвіваць той інтарэс аж да краінаў, да якіх нашыя турыстычныя фірмы яшчэ часам і не дацягнуліся.

Прапаганда з боку ўдзельнікаў таго праекту мела, думаецца, працяг: многія песьні з альбому змусілі некаторых беларусаў працягнуць той самы аксамітны сэзон.

Песьня “Тэкіла і агуард’ентэ” напэўна ўсхвалявала пачуцьці некаторых слухачоў, нагадаўшы ім Квэнтына Тарантына ды кактусы. Мэксыка і Беларусь, як аказалася, даволі блізкія краіны: і там, і там самаробны напой выганяюць з таго, што расьце пад рукой. Песьня, вядома, мае непрыхавана парадыйныя рысы, што, аднак, не адбірае ў яе знаходлівасьці і пэўнага нават прапагандысцкага характару.

Так што, мусіць, і сапраўды трэба ехаць. З дапамогаю праекту “Крамбамбуля”. Пачуемся ў Мэксыцы!

XS
SM
MD
LG