Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Завушніцы”. Музыка У.Мулявіна, словы М.Танка. Ансамбль “Песьняры”. Альбом (па назьве першай песьні) “Алеся”, “Мелодия”, 1976





У дачыненьні да творчасьці ансамблю “Песьняры”, як сёньня відаць выразна, можна шмат у якіх выпадках ужываць слова “ўпершыню”. Як бы мы зробленае “Песьнярамі” цяпер ні ацэньвалі.

Сярод іншага, менавіта “Песьняры” дамагліся таго, што ў савецкай практыцы вакальна-інструмэнтальных ансамбляў ім было дазволена надта ўжо значную частку рэпэртуару засноўваць на аўтарскіх творах, што тады не ўхвалялася. Лічылася, што для ВІА могуць і павінныя пісаць найперш сябры Саюзу кампазытараў, у той час як ніхто зь “Песьняроў”, уключаючы і Ўладзімера Мулявіна, дай Бог яму здароўя, сваім членствам Саюз кампазытараў на той час, у 70–80-я гады, ашчасьлівіць ня мог.

Так, у “Песьняроў” адразу наладзілася супрацоўніцтва зь Ігарам Лучанком, аднак зьвярну вашую ўвагу на тое, колькі шлягернага характару, сапраўды папулярных песень было напісана і Ўладзімерам Мулявіным і даведзена да ладу, праўду кажучы, музыкантамі ансамблю.

Сярод такіх песень — і твор на верш Максіма Танка “Завушніцы”, спраўны па мэлёдыі, шырокі па гучаньні. Песьня гэтая, як і многія іншыя на беларускай мове, зрабіла кар’еру далёка па-за межамі Беларусі, нават там, дзе слухачы і здагадацца не маглі, што гэта такое — завушніцы.

Між тым песьня, якая была выдадзеная на кружэлцы яшчэ ў сярэдзіне 70-х, і сёньня гучыць даволі сучасна, хоць людзей, якія не разумеюць сэнсу назвы, здаецца, ня вельмі і паболела.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG