Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “А я, чарнява”. І.Раманоўская. Альбом “Будзе хлеб — будзе і песьня”, дэма-запіс, 2002



Непрадуманыя ўчынкі часам і да бяды даводзяць. Асабліва калі тое датычыць дзяўчат, якія рэдка слухаюць тое, што сьпяваюць іхныя бабулі. Бо фальклёр, варта прызнаць, — сапраўдны кладзезь мудрасьці. Няхай нават фальклёр і мадэрнізаваны.

Мушу заўважыць, што на гэтым тыдні ў нашай праграме ўдзельнічае як ніколі шмат дэбютантаў. Яшчэ адзін, дакладней, адна, — гэта Ірына Раманоўская, якая даволі шмат гадоў выступае на прафэсійнай сцэне, аднак толькі цяпер падрыхтавала да выданьня сольны альбом. Выклікае ён, прызнацца, даволі мяшаныя пачуцьці.

Па-першае, незразумела, нашто зводзіць у адно беларускія народныя песьні і творы “а ля рюс”; па-другое, апрацоўкі беларускага фальклёру, зрэшты, даволі стандартныя, перамяжаюцца песьнямі на расейскай мове ў стылістыцы гэткага псэўда-фальклёру, які дэманструе расейскі ансамбль “Золотое кольцо”.

Магчыма, нашая сьпявачка вырашыла выкарыстаць вядомую мадэль з мэтай палепшыць матэрыяльнае становішча. Ганіць за гэта нельга, а вось памятаць, што скочыць вышэй за аднойчы пастаўленую планку потым будзе вельмі складана, — варта. Праўда, песьня “А я, чарнява” гучыць у выкананьні Ірыны Раманоўскай сапраўды няблага.

Так што слухайце, дзяўчаты, “Мэлёдыю дня”, а не гаваркога лесьніка, бо потым бяды не абярэсься. Пачуемся, спадзяюся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG