Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Караван”. І.Волкаў і група “Сталіца”. Музыка Х.Цізола. Аранжыроўка І.Волкава. Альбом “Караван”, дэма-выданьне, 2002



Калі на працягу недзе дзесяці гадоў назіраць за творчасьцю таго ці іншага музыканта, нельга ня ўбачыць, што ён мяняецца, і часам даволі істотна. Не зьмяняецца толькі той, хто не працуе і праз увесь час выконвае адно й тое ж. Але тое не датычыць “Мэлёдыі дня”.

Менскі гітарыст Ігар Волкаў — музыкант са стажам. Аднак больш шырокая вядомасьць да яго прыйшла, калі ён выступаў у складзе групы “Эківокі”. Пасьля пэўнага творчага крызысу ў гэтым калектыве ён заснаваў уласны, які сьціпла назваў “Сталіца”.

Новая група даволі істотна зьмяніла музычныя арыентацыі. Не, гітара засталася на першым пляне: нагадаю, што на леташнім фэстывалі “Грыфаманія” Волкава адзначылі вельмі высока. А вось за аснову стылістыкі трыо абрала джаз-рок і запісала, адзначу, вельмі ўдала, для дэбютнага альбому “Караван” як аўтарскія творы, так і пару вядомых джазавых і іншых стандартаў. Напрыклад, мэлёдыю Георгія Сьвірыдава “Время, вперед!”. Сьмелы крок, трэба сказаць.

Мы ж паслухаем сёньня інтэрпрэтацыю славутага “Каравана” Хуана Цізола. Мушу прызнацца, што за многія гады давялося пачуць самыя розныя вэрсіі гэтага твору, аднак нешта падобнае на тое, што робіць “Сталіца”, — ніколі!

А для цікаўных дадам, што менавіта гэты калектыў адкрывае 15 кастрычніка ў менскім тэатры маладзёжнай эстрады цыкль штотыднёвых джазавых вечарын. Пачуемся і там!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG