Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Ой, рана на Йвана”. Ансамбль “Песьняры”. Аранжыроўка Ў.Мулявіна. Альбом “Песьняры”, “Мелодия”, 1971



Бягуць гады, зьмяняюцца музычныя моды і лідэры гіт-парадаў, сыходзяць учорашнія куміры і зьяўляюцца новыя, аднак нязьменным у музыцы застаецца адно: якасьць самой музыкі, прафэсійнасьць выкананьня.

Так, зноў я пра тое ж самае. Ну што ты з тым паробіш, калі і радыё, і тэлебачаньне аж захлынаюцца ад, прабачце, творчасьці дамарослых ідалаў эстрады, якім, уласна кажучы, да музыкі як мне — да месяца. Не, я ў касманаўты яўна не зьбіраюся, бо разумею: трэба шмат вучыцца. А вось тыя — ня жадаюць разумеюць. І нават слухаць тое, што рабілі задоўга да іх, ня хочуць.

Між тым, яшчэ напачатку 70-х удзельнікі ансамблю “Песьняры” далі актуальны дагэтуль узор сапраўды прафэсійнага сьпяваньня, да якога і сёньня рэдка хто набліжаецца на практыцы. Запіс песьні “Ой, рана на Йвана”, канечне ж, па якасьці саступае многаму з таго, што пішацца сёньня. Аднак яна наглядна дэманструе, што ўмелі тады музыканты, якія сапраўды сьпявалі, а не ўдавалі сьпевы. Гэта было тое, што неўзабаве пачалі называць “фірмовай вакальнай пачкай” “Песьняроў”.

Адзначу яшчэ і тое, што гэтая песьня была на той час надзвычай сьмелай, бо ў ёй выразна прысутнічае стылістыка рок-н-ролу, музыкі, зь якой ідэолагі тады змагаліся з усяе сілы. Аказалася: дарма калёрыі трацілі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG