Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Дзень анёла Алісы”. Музыка і выкананьне Вячаслава Дацкевіча. Альбом “Рэнэсанс гітары”, дэма-выданьне, 2001



Нешта мяне на тым тыдні на гітару пацягнула. Магчыма таму, што цікавых запісаў гітарнай музыкі сапраўды шмат. Магчыма, з той прычыны, што за вокнамі — восень, а, значыць, неўзабаве ў Гомелі адбудзецца чарговы фэстываль “Рэнэсанс гітары”.

Запіс, які мы будзем слухаць сёньня, паходзіць менавіта з аднаго з канцэртаў гэтага сапраўды цікавага фэстывалю. Гітара на ім трактуецца надзвычай шырока, не замыкаючыся толькі на выкананьні музыкі акадэмічнай: тут гучыць і джаз, і рок, шмат музыкі наогул экспэрымэнтальнай.

Што найбольш істотнае, “Рэнесанс гітары” штогод зьбірае, апрача традыцыйных гасьцей, многіх найлепшых гітарыстаў Беларусі, якія, апрача твораў вядомай гітарнай літаратуры, выконваюць і ўласную музыку.

Адзін з такіх музыкантаў — Вячаслаў Дацкевіч. Гэта даволі вядомы ў краіне аўтар і выканаўца, мае выдадзеныя дыскі і нотныя зборнікі. П’еса “Дзень анёла Алісы” была напісана ім у 1991 годзе і неаднаразова гучала на канцэртах, у тым ліку і ў Гомелі. Безумоўна, прыгожая музыка, у выкананьні якой, заўважу, удзельнічае ня толькі адна гітара.

Ну, а калі ў некага з тых, хто слухае цяпер нашую праграму, сёньня сапраўды ёсьць нагода сьвяткаваць прыемны дзень, лічыце гэтую музыку падарункам ад “Мэлёдыі дня”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG