Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ла кумпрасыта”. Менскі брас-квінтэт. Музыка М.Радрыгеса. Альбом “Ад Баха да “Бітлз”, аўтарскае дэма-выданьне, 1997



Шчыра кажучы, мне асабіста надзвычай цікава слухаць музыку, калі яны гучыць у выкананьні калектыву, які да гэтай музыкі ня мае наогул ніякага дачыненьня. Гэта, скажам, калі мэталёвая каманда выконвае, напрыклад, дзяржаўны гімн. Ці калі сымфанічны аркестар іграе нешта з мэталёвага рэпэртуару. Вось і сёньняшняя “Мэлёдыя дня” — з той самай опэры.

Менскі брас-квінтэт пад кіраўніцтвам трубача Віталя Волкава ўтварыўся гадоў шэсьць-сем таму і ад самага пачатку ставіў задачу выконваць самую разную музыку. Тым больш, што ў квінтэце сабраліся музыканты, якія мелі разнастайны музычны досьвед: ад музыкі акадэмічнай да джазу.

І невыпадкова выдадзены ў 1997 годзе альбом квінтэту меў назву “Ад Баха да “Бітлз”. Праўда, твораў “Бітлз” у альбоме якраз і няма, але яны абавязкова гучаць падчас канцэртаў калектыву. Рэпэртуар альбому таксама складаецца з твораў, многія зь якіх, на першы погляд, наогул ня могуць гучаць у выкананьні такога спэцыфічнага па складу калектыву.

Прыкладам — славутае танга “Ла кумпрасыта” Радрыгеса. Танга? Толькі на духавых? Ды без ударных ды акардэона? Чаму не?! Менскі брас-квінтэт паказвае, што сапраўды здольны выконваць музыку самую розную і на высокім узроўні. Так што перад тым, як пачуць чарговы выпуск навінаў, вы можаце сьмела патанчыць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG