Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Той, што прыйдзе пасьля”. Група “Гарацкія”. Музыка і словы П.Паўлава. Дэма-сынгл “Гарацкія”, аўтарскае выданьне, 2002



Жыцьцё пераканаўча даводзіць: чым больш экспэрымэнтаў у той ці іншай галіне творчай дзейнасьці, тым больш шанцаў на тое, што зьявяцца творы сапраўды вартасныя, якія пры гэтым недалёка адыходзяць ад асноўнага рэчышча.

Практычна тое самае можна назіраць і ў тым, што гучыць у рамках нашае праграмы. Так, я дэманструю музыку часам вельмі экспэрымэнтальную, дзе пошук і жаданьне выказацца не як усе, здараецца, перавышае ўласна творчы зьмест. Аднак такія ўжо ўмовы ставіць сам экспэрымэнтатарскі працэс.

Вось і сёлета гітарыст Піт Паўлаў, пакутуючы, відаць, ад ненатоленага творчага гарэньня, заснаваў адразу два новыя праекты. Адзін зь іх называецца “Гарацкія”. Музыка трыо вызначаецца даволі жорсткім гітарным саўндам, а па стылістыцы схіляецца да гард-кору.

На выдадзеным сынгле ёсьць як творы інструмэнтальныя, так і песьні — аўтарская і народная. Сэнс новага праекту Піт Паўлаў растлумачыў жаданьнем рабіць музыку, якая прадстаўляла б менавіта гарадзкую культуру сёньняшняга дня, на якую ўплываюць многія фактары цывілізацыі.

Экспэрымэнт? Безумоўна! Магчыма, на гэтым усё й скончыцца. А калі будзе працяг, мы да той музыкі абавязкова вернемся.
XS
SM
MD
LG