Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Дзіўнае піва”. Музыка, выкананьне і аранжыроўка Я.Канавалава. Альбом “Крывы блюз”, аўтарскае дэма-выданьне, 2002



Бадай, у кожнай краіне маюцца такія музыканты, якія на пэўным этапе зрабілі для разьвіцьця таго ці іншага стылю музыкі вельмі шмат. Аднак праз пэўны час адышлі ў цень, і з таго часу іхныя імёны засталіся вядомымі хіба што спэцыялістам. Ёсьць такія музыканты і ў нас.

Адзін з такіх музыкантаў у Беларусі — гітарыст Яўген Канавалаў, чые зорныя часіны супадаюць з пачаткам айчыннага рок-н-ролу, то бок з канцом 60-х — пачаткам 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Удзельнік на той час надзвычай папулярнай групы “Алгарытмы”, пераможцы першага ў Беларусі фэстывалю-конкурсу моладзевай (разумейце — рок-музыкі), ён ужо ў тыя гады пісаў аўтарскія творы, аднак як гітарыст карыстаўся безумоўным аўтарытэтам. Для маладзейшых выканаўцаў ён быў наогул нечым накшталт ідала.

Яўген Канавалаў і цяпер ня кінуў музыку. Працуючы ў адным з акадэмічных інстытутаў, ён час ад часу выступае ў менскім блюзавым “Стар-клюбе”, а ў хатніх умовах, не карыстаючыся кампутарам, запісвае аўтарскія праграмы, якія прэзэнтуе сябрам. Адзін з такіх рарытэтных альбомаў называецца “Крывы блюз”.

Блюз — улюбёны стыль гітарыста, які, канечне ж, на сёньняшні дзень іграе даволі проста, што, аднак, і падкупляе слухачоў. Запіс, зразумела, таксама не прафэсійны, аднак п’еса “Дзіўнае піва” дае поўнае разуменьне таго, на што здатны гэты музыкант, піянэр беларускага рок-н-ролу.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG