Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Іван”. Ансамбль “Рагнеда”. Аранжыроўка У.Гінько. Альбом “Рагнеда”, GMRS (Нямеччына), GEMA, 2001



Традыцыі трэба паважаць. Між тым, сьляпое, няўхільнае сьледаваньне толькі і выключна традыцыі можа прывесьці ў выніку да застою. І гэта варта памятаць усім, асабліва тым, хто слухае праграму “Мэлёдыя дня”.

Я нездарма згадаў традыцыю. Яна мае самае непасрэднае дачыненьне да музыкі, якая традыцыйна падзяляецца на стылі, напрамкі ды жанры. Найбольш традыцыі, відаць, у клясычнай камэрнай музыцы, якая наогул ня церпіць нейкіх адступленьняў ад нормаў. Ня менш традыцыі і ў народнай музыцы, хоць апошнія гады засьведчылі, што стаўленьне да фальклёру як да нечага вечнага, застылага ў многіх краінах мяняецца.

Не выключэньне, дарэчы, і Беларусь, дзе працэс пераасэнсаваньня фальклёрнае спадчыны ідзе вельмі актыўна. І вось новае імя на беларускай мадэрн-фолькавай сцэне: ансамбль “Рагнеда”. Музыкі гэтага прафэсійнага калектыву адшукалі ўласную стылістыку, спалучаючы беларускія народныя мэлёдыі са стылістыкай народнай амэрыканскай музыкі, са стылістыкай кантры энд вэстэрн.

Гучыць гэта, прызнацца, арыгінальна і нават адкрыўча. Ансамбль выдаў ужо дэбютны альбом у Нямеччыне, а неўзабаве рыхтуе паказ вялікай сольнай праграмы ў Менску.

Настойліва раю наведаць той канцэрт, а пакуль прапаную паслухаць народную песьню “Іван” у аранжыроўцы кіраўніка групы Ўладзімера Гінько. Сплаў дзьвюх традыцыяў усё ж на беларускай глебе.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG