Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Я — рок-музыкант”. Група “Мроя”. Музыка і словы — група “Мроя”. Альбом “Дваццаць восьмая зорка”, “Мелодия”, 1989



Традыцыі існуюць, бадай, у кожнай галіне жыцьця. Не выключэньне і музыка, дзе літаральна ў кожным жанры, кожным стылі маюцца ўласныя традыцыі і часам непарушныя ўмовы. Аднак менш за ўсё такіх у рок-музыцы, дзе кожнае новае пакаленьне пачынае з таго, што абвінавачвае папярэдняе ў прафанацыі.

Упершыню я пачуў групу “Мроя” вясною, здаецца, 1983 году. Выглядаў калектыў як звычайны навічок на сцэне. Аднак калі гадоў празь пяць на перасоўным аўтобусе-студыі фірмы “Мелодия”, што прыехаў у Менск, быў запісаны дэбютны альбом “Дваццаць восьмая зорка”, калі ён быў выдадзены, “Мроя” выглядала ўжо групай дастаткова вопытнай, дасьведчанай і з уласнай, дакладна вызначанай пазыцыяй.

Песьня “Я — рок-музыкант” са згаданага альбому наогул выглядала як нешта падобнае да маніфэсту, у якім якраз і закраналіся пытаньні вернасьці традыцыям жанру. Варта згадаць, што гэтую песьню, заснаваную на традыцыях гард-року, ухвалілі нават тыя больш сталыя музыканты, якія звычайна не ўспрымаюць імпэт маладых.

І яшчэ. На згаданым альбоме з васьмі песень толькі адна мела больш-менш жартоўны характар: маладая “Мроя” выконвала тады музыку сур’ёзную, якой, шчыра кажучы, крыху не стае мне асабіста ў творчасьці цяперашніх сталых музыкаў даўняй “Мроі”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG