Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Песьня сэрца маладая”. Музыка, словы і выкананьне — А.Атаманаў. Альбом “Слова — ня госьць”, аўтарскае выданьне, год не пазначаны



Калі сэрца сьпявае, жыцьцё ня можа ня радаваць. Часта здараецца і такое, што само сэрца пачынае радавацца ад пачутай песьні. Здавалася б: ну што такое адна песьня? Аднак калі гучыць яна ў праграме “Мэлёдыя дня”, сэрца павіннае адгукнуцца на яе, а жыцьцё, спадзяюся, не прынясе скрухі.

Я ня ведаю, што гэта такое: Міжнародная асацыяцыя “Круг радасьці”. Адным зь яе ўдзельнікаў, як можна здагадацца, зьяўляецца менскі аўтар і выканаўца ўласных песень Алег Атаманаў, творы якога ўжо гучалі ў нашай праграме. Гучалі нездарма: нейкае сьвятло сапраўды зыходзіць ад Алегавых песень, у якіх няма месца пошласьці, глупству, позе.

Цікавыя мэлёдыі песень, прыемныя гарманічныя хады і, канечне ж, выразны, багаты ад прыроды голас. “Песьня сэрца маладая” — менавіта гэты твор абраны мэлёдыяй сёньняшняга дня. Паслухаўшы яе, немагчыма не адчуць, што сэрца гэтага аўтара і выканаўцы насамрэч маладое і здольнае заразіць радасьцю жыцьця многіх слухачоў.

Здавалася б, песьня гэтая не выходзіць па-за межы традыцыйнай бардаўскай творчасьці. Ажно не: Алег Атаманаў прыкметна пашырае тыя рамкі, той самы “Круг радасьці”, які здольны ахапіць вялікую колькасьць людзей. Хоць чаму ён называе сябе Баянам Усея Русі — зразумець цяжка. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG