Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Перапёлачка”. Ансамбль “Песьняры”. Альбом (па назьве першай песьні) “Перапёлачка”, “Мелодия”, 1976



Ужо неаднойчы дасьледчыкі фальклёру небеспадстаўна казалі, што вобразнасьць, уласьцівая народным песьням, недасягальная нават для найбольш таленавітых паэтаў. Сапраўды: якой глыбіні можна чакаць ад тэксту сучаснага шлягера, калі на яго стварэньне, прабачце, паэт траціць часам якія дзьве–тры гадзіны?

Тэксты народных песень, многія зь якіх дайшлі да нас праз шмат стагодзьдзяў, шліфаваліся падобна марской гальцы. Адна з такіх песень — “Перапёлачка”, тэкст якой зьнешне такі ўжо просьценькі, такі няхітры! Аднак за такой прастатой стаяць літаральна пранізьлівыя, выразнейшыя вобразы.

Нездарма найперш гэтая паэтыка і прыцягнула музыкантаў “Песьняроў” у той час, як калектыў меў мацнейшы, бадай, склад і запісаў безумоўна найлепшы альбом, які складаўся выключна з апрацовак народных песень.

Але “Перапёлачка” вылучалася на агульным фоне. Па-першае, што было на той час рэдкасьцю, гучала яна 10 хвілінаў. Па-другое, пачыналася песьня працяглым уступам, які абапіраўся на новую для “Песьняроў” джаз-рокавую стылістыку. Па-трэцяе, сама аранжыроўка ўвабрала ў сябе шмат розных стыляў аж да таго, што гэты твор можна, бадай, называць першым узорам уолд-м’юзік у Беларусі.

Зразумела, мы будзем слухаць толькі фрагмэнт, які пачынаецца са скрыпічнага сола Ўладзімера Ткачэнкі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG