Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Я цябе люблю”. Музыка, словы, аранжыроўка і выкананьне — В.Грышко. Дэма-запіс, 2002



Сучасная папулярная музыка зьмяшала, здаецца, усё і ўся. Яшчэ ў канцы 1970-х мы чулі, як у заходніх шлягерах, не чакаючы моды на перабудову і ўсё савецкае, гучалі расейскія словы. Сёньня нас не зьдзіўляе, калі, напрыклад, у групе “Крыві” музыканты сьпяваюць разам па-беларуску і па-курдзку.

Два тыдні таму ў нашай праграме ўжо прагучала адна з апошніх запісаных Валікам Грышком песень. Тады ж я згадваў, што гэты наш выканаўца спрабуе замацавацца на расейскім музычным рынку, пры гэтым ён не цураецца таго, каб паказаць тамтэйшым варацілам шоў-бізнэсу і песьні на беларускай мове. Тыя, дарэчы, ня надта каб і супраціўляюцца. Мусіць, якасьць прапановаў гаворыць сама за сябе.

Між тым Валік Грышко, чалавек, безумоўна, таленавіты, рашыўся на экспэрымэнт, якога, шчыра кажучы, у беларускай папулярнай музыцы яшчэ не было. Адна з новых ягоных песень, “Я цябе люблю”, гучыць на беларускай мове, тады калі як кароценькі прыпеў у ёй — на расейскай.

Ня думаю, каб тое тлумачылася нейкімі рэвэрансамі ў бок расейскіх пакупнікоў тавару. Проста мне думаецца, што такім чынам наш музыкант, магчыма нават падсьвядома, робіць пэўны ўціск на расейскі музычны рынак і лішні раз падкрэсьлівае: беларуская папулярная музыка — рэч усё ж крыху іншая, чым расейская. Тым больш што і песьня гэтая, шчыра кажучы, зусім неблагая. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG