Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Каралеўна”. Музыка і словы У.Давыдоўскага. Група “Вялікае Княства”. Альбом “Легенды Вялікага Княства”, “БМАгруп”, 2001



Кажуць, калі зірнуць у мінулае, можна ўбачыць будучыню. Аднак у галіне музыкі гэтае правіла наўрад ці можа спрацаваць, бо штогод музычная мода прапануе слухачам тое, чаго дакладна ў мінулым не існавала.

Выдадзены летась альбом пад назваю “Легенды Вялікага Княства” можна сьмела называць унікальным. Наколькі мне вядома, нічога падобнага ў Расеі, напрыклад, якая гэтак актыўна навязвае нам моды і густы, і блізка не было. Магчыма, з той прычыны, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага музычная культура ў Расеі была далёка не такой разьвітай, як на нашых землях.

Прынамсі, згаданы альбом у цэлым удала спалучыў як рэканструкцыю музычных твораў, якія па часе адпавядаюць назьве альбому, з творамі аўтарскімі, што стылізуюць тую эпоху. Да ліку такіх песень належыць і “Каралеўна”, музыку і словы якой напісаў Уладзімер Давыдоўскі, у свой час — гітарыст групы “Мроя”, папярэдніка групы “NRM”.

Так, гэта стылізацыя, і дастаткова ўдалая, каб не сапсаваць агульную атмасфэру альбому, які, трэба прызнаць, з гледзішча арыгінальнасьці задумы, адпрацаванасьці ідэі можа лічыцца наогул адным з найлепшых выданьняў у гісторыі айчыннай музыкі.

Альбом карысны ня толькі для тых, каго цікавіць музыка мінулага. Бо гэта якраз тое выключэньне з правілаў, калі ў тым, што было, можна адчуць пачаткі таго, што мы маем сёньня.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG