Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная кампазыцыя “Сьлёзы сэрца”. Музыка і аранжыроўка У.Угольніка. Альбом “Уладзімер Угольнік-2”, “Ковчег”, 2001



Калі шчыра, дык цяжка здагадацца, што прабівае сталых гадоў музыкантаў на сэнтымэнтальнасьць. Такія праявы душы можна растлумачыць адно тым, што баляды — гэта адзін з асноўных і найбольш старажытных жанраў інструмэнтальнай музыкі. А яшчэ яны здольныя часам сказаць за музыканта куды больш, чым на тое здатны ён сам.

Паколькі нядзеля закрывае чарговы мэлядыйны тыдзень, нагадаю, што вы маглі пачуць у папярэднія шэсьць дзён. Пачалося ўсё з прывітаньня Эдуарду Малафееву ад стваральнікаў праекту “Я нарадзіўся тут” патрыятычна-футбольнай песьняй “Оле-оле”, Цэнтральны міліцэйскі аркестар МУС Беларусі пасумаваў пра Пірэнэі ў п’есе “Гішпанія” Чыка Карыа, а “Песьняры” прыгадалі незабыўную “Алесю”, якая да многіх з нас сапраўды ўжо ня вернецца. Прагучала “Танга” Ўладзімера Кур’яна — фрагмэнт ягонай музыкі да лірычнай камэдыі “Смак яблыка”, музыканты ансамблю “Харошкі” народнай мэлёдыяй “Весялуха” энэргічна разьбілі прымхі, што датычаць пятніцы 13-га, а група “NRM” сьцьвердзіла: найбольш устойлівая глеба пад нагамі — “Тры чарапахі”.

А вось сёньня прафэсар беларускай гітары Ўладзімер Угольнік у парыве сэнтымэнтальнасьці паказвае адну з уласных п’ес пад назваю “Сьлёзы сэрца”. Назва, канечне, звышпаэтычная. Аднак што б мы там ні казалі, кампазытарскі талент музыканта — відавочны, хоць характар музыкі й ня дужа адпавядае той назьве.

Тым ня менш, сантымэнт у кожнага — свой, а пакрыўдзіць мастака, як вядома, здольны кожны. “Мэлёдыя дня”, з поўнай пашанай да Ўладзімера Ўгольніка. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG