Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Тры чарапахі”. Музыка і словы Л.Вольскага. Група “NRM”. Альбом “Тры чарапахі”, “БМАгруп”/“Bulba Records”, 2000



Ну, чаго, зрэшты, можна чакаць? Кожнае новае пакаленьне высоўвае з уласных шэрагаў новых дасьледчыкаў, што выступаюць з новымі тэорыямі, якія тлумачаць вытокі паходжаньня жыцьця на нашай плянэце і, адпаведна, вытокі беларускай папулярнай музыкі. А праграма “Мэлёдыя дня” паслухмяна даносіць тое да слухачоў.

Лявон Вольскі, культавая на наш час постаць беларускай музыкі, здаецца, здольны займацца адначасова адразу некалькімі праектамі. Сярод іншых — і роднай, першай для яго каманды “NRM”.

Апошні альбом калектыву датаваны 2000-м годам і, прызнацца, небеспадстаўна зрабіўся ўладальнікам адразу некалькіх узнагародаў на цырымоніі “Рок-каранацыі”. Загалоўная песьня альбому і дагэтуль гучыць час ад часу на хвалях нават тых мясцовых FM-станцыяў, якія ня дужа прыхільна ставяцца да беларускамоўнай музыкі.

Сапраўды, альбом той прынес адразу некалькі гітоў зь песьняй “Тры чарапахі” на чале. У аснове праграмы ляжыць усё той клясычны гард-рок, праўда, адаптаваны да больш-менш сучасных стылёвых модаў і павеваў.

Што да павеваў — дык Бог зь імі: яны як прыйшлі, так і адыдуць. Галоўнае ў тым, што група “NRM” здолела зьберагчы ў тым альбоме адметнасьць і стылёвую еднасьць, што, спадзяюся, яна лішні раз пацьвердзіць 26 верасьня на канцэрце ў парк-клюбе “Менск”, калі выступіць разам з польскімі групамі “T-Love” i “Pidzama Porno” ў рамках фэстывалю “Восень польскай культуры”. Дажывем да таго дня і пачуемся зноў!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG