Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная мэлёдыя “Весялуха”. Інструмэнтальная група ансамблю “Харошкі”. Альбом “Харошкі”, “Ковчег”, 1997



Можа, хто і верыць у забабоны, можа, для каго спалучэньне пятніцы з 13-м днём месяца і зьяўляецца фатальным, але праграму “Мэлёдыя дня” такім зьбегам абставін не запужаць. Нагадаю: ад 1 студзеня гэтага году мы штодня ў эфіры, нягледзячы ні на якія расклады плянэт і спалучэньні лічбаў.

Рознае ў нас было на працягу гэтага году, аднак на сёньняшні дзень і вынік прыстойны — больш за 250 самых розных мэлёдыяў самых розных жанраў ды стыляў у выкананьні беларускіх музыкантаў. Бывалі дні ня дужа спрыяльныя, бывалі дні нават крытычныя, у параўнаньні зь якімі пятніца 13-е — так сабе, дзіцячыя штучкі. Дык і ня будзем зьвяртаць на тое ўвагі!

Зьвернем увагу сёньня на тых музыкантаў, што працуюць у інструмэнтальнай групе ансамблю “Харошкі”. Там заўсёды выступалі музыканты дасьведчаныя, неабыякавыя, якія часта зьяўляюцца на сцэне і як самастойны калектыў, маючы ў рэпэртуары як беларускую музыку сярэднявечча, так і народную.

Недзе ў 1997 годзе быў выдадзены альбом з музыкай з “Полацкага сшытку” і апрацоўкамі народных мэлёдыяў.

Так што поўная агню мэлёдыя пад назваю “Весялуха” будзе нашым годным адказам і на пятніцу, і на 13-ы дзень месяца. І анічога з намі ня здарыцца. Зрэшты, цьфу-цьфу! Празь левае плячо! Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG