Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Сьвітанак”. Музыка Ігара Лучанка, словы Ўладзімера Някляева. Тацяна Рузавіна і Сяргей Таюшаў. Альбом “Ігар Лучанок: песьні і інструмэнтальная музыка”, “Мелодия”, 1983



Як сьведчыць практыка, моўныя пытаньні ў галіне папулярнай музыкі ў адрозьненьне ад, скажам, праблем дзяржаўных, наагул не зьяўляюцца бар’ерам для паразуменьня. Што і пацьвярджае сёньняшняя мэлёдыя дня.

Гэты не зусім звычайны запіс я адшукаў на далёкай палічцы ва ўласнай фанатэцы. Так, да старых вінілавых дыскаў савецкіх яшчэ часоў я, як і большасьць з вас, зьвяртаюся ўсё радзей: на парадку дня іншыя, больш зручныя фарматы гуканосьбітаў. А тут — на табе, адкрыцьцё забытага. Альбом пад назваю “Ігар Лучанок: песьні і інструмэнтальная музыка”, выдадзены 19 гадоў таму.

Інструмэнтальная музыка, скажам, так сабе, але вось падборка песень досыць цікавая. Увагу прыцягнуў папулярны ў тыя гады дуэт Тацяны Рузавінай і Сяргея Таюшава, артыстаў, здаецца, з Узбэкістану. Але тут яны сьпяваюць па-беларуску. Песьня “Сьвітанак” на словы Зладзімера Някляева, твор сапраўды прыгожы па мэлёдыі і гожы па тэксту. Аказваецца, у тыя гады сьпяваць па-беларуску ня тое што не саромелiся, але й лічылі прэстыжным для сябе артысты нават не беларускага паходжаньня. Сёньня ж ад многіх афіцыйна, так бы мовіць, прызнаных нашых заслужаных ды народных песьні па-беларуску рэдка калі пачуеш.

Запіс 1983 году, цікавая старонка з гісторыі беларускай песьні.

Зьмiцер Падбярэскi
XS
SM
MD
LG