Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная кампазыцыя “Танга”. Музыка У.Кур’яна. Выканаўцы не пазначаныя. Альбом “У.Кур’ян. Камэрная музыка і музыка для тэатру”, “Ковчег”, 2000



Тут вось якая рэч: часам жыве побач з табой чалавек, пра якога ты ведаеш адно: так, творца, так, кажуць, таленавіты. І толькі ў адзін незвычайны момант, калі ты застаешся сам-насам зь ягонымі творамі, раптам усьведамляеш: талент ужо не належыць толькі аднаму яму. Упершыню ў праграме “Мэлёдыя дня” гучыць сёньня музыка Ўладзімера Кур’яна.

Што мы ведаем пра гэтага музыканта? Ну, сябра Саюзу кампазытараў, сядзіць сабе ў Купалаўскім тэатры, піша пераважна інструмэнтальную музыку да спэктакляў, часам выступае на якім пленуме з творам у камэрным жанры, зоркі беларускай эстрады за ягонымі песьнямі ня ломяцца. Ціхі, сьціплы чалавек.

Аднак ён — аўтар музыкі больш чым да 50 спэктакляў, улучна з такімі, як “Ідылія” і “Тутэйшыя”, дзьвюх опэраў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі нармальнага яшчэ 1992 году. І толькі выдадзены двайны кампакт-дыск з запісамі нязначнай часткі напісанага Ўладзімерам паказаў, як шмат і якую разнастайную музыку ён стварыў. Яна яшчэ будзе гучаць у наступных нашых праграмах.

Сёньня ж я хачу паказаць просьценькі такі твор — “Танга” з музыкі да спэктаклю “Смак яблыка”. Канечне, гэта збольшага стылізацыя. Аднак якая тонкая, нават ювэлірная!

На жаль, не магу назваць выканаўцаў: музыка ўсё ж пісалася да спэктаклю, а не для выданьня на дыску. Ведаю адно: нашыя музыкі працуюць з Уладзімерам Кур’янам у ахвотку. Бо гэта насамрэч ім цікава, бо гэты кампазытар пісаць музыку пустую ня здольны.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG